ПСАЛТЫР. 110. Алілуя. Слаўлю Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім на радзе праведных і на сходні. Вялікія дзеі Гасподнія, вабныя ўсім, хто іх любіць. Дзея Ягоная - слава і хараство, і праўда Ягоная застаецца навечна. Незабыўнымі зрабіў Ён цуды Свае; літасьцівы і шчодры Гасподзь. Ежу дае тым, хто баіцца Яго; вечна памятае Свой запавет. Сілу дзеяў Сваіх паказаў Ён народу Свайму, каб даць яму спадчыну язычнікаў. Дзеі рук Ягоных праўда і суд; усе Яго запаведзі правільныя, цьвёрдыя на вякі вечныя, заснаваныя на праўдзе і слушнасьці. Збавеньне паслаў Ён народу Свайму; наказаў навечна Свой запавет. Сьвятое і страшнае імя Ягонае! Пачатак мудрасьці страх Гасподні: розум правільны ва ўсіх, хто выконвае запаведзі Ягоныя. Хвала Яму няхай будзе вечная.