ПСАЛТЫР. 111. Алілуя! Дабрашчасны муж, што баіцца Госпада і шчыра любіць ягоныя запаведзі. Моцнае будзе насеньне ягонае на зямлі; род праведных дабраславёны будзе. Дастатак і багацьце ў доме ў яго, і праўда Ягоная трывае вечна. У цемры ўзыходзіць сьвятло справядлівым; добрае яно і міласэрнае і праведнае. Добры чалавек міласэрны і пазычае; ён дасьць цьвёрдасьць словам сваім на судзе. Ён вавек не пахісьнецца, у вечнай памяці праведны будзе. Не пабаіцца нядобрае славы; сэрца ў яго цьвёрдае, спадзяецца на Госпада. Умацаванае сэрца ў яго; ён не збаіцца, калі гляне на ворагаў сваіх. Ён шчодра раздаў, абдарыў убогіх; праўда ягоная застаецца навечна; рог ягоны ўзьнясецца ў славе. Бязбожны гэта пабачыць і будзе злавацца, заскрыгоча зубамі сваімі, і растане. Жаданьне бязбожных загіне.