ПСАЛТЫР. 113. Алілуя. Калі выйшаў Ізраіль зь Егіпта, дом Якава - з народу іншапляменнага, Юда зрабіўся сьвятыняю Ягонаю, Ізраіль - валоданьнем Ягоным. Мора ўгледзела, і пабегла; Ярдан павярнуўся назад. Горы скакалі, як бараны, і пагоркі, як ягняткі. Што з табою, мора, чаго ты пабегла, і з табою, Ярдане, чаго павярнуўся назад? Чаго вы скачаце, горы, як бараны, і вы, пагоркі, як ягняткі? Прад абліччам Госпада дрыжы, зямля, прад абліччам Бога Якава, Які ператварае скалу ў возера вады і камень - у крыніцу вады. Ня нам, Госпадзе, ня нам, а імю Твайму дай славу, дзеля ласкі Тваёй, дзеля праўды Тваёй. Навошта язычнікі кажуць: дзе ж іхні Бог? Бог наш на небе і на зямлі; творыць усё, што хоча. А іхнія ідалы - срэбра і золата, творы рук чалавечых. Ёсьць у іх вусны, але не гавораць; ёсьць у іх вочы, але ня бачаць; ёсьць у іх вушы, але ня чуюць; ёсьць у іх ноздры, але нюху няма; ёсьць у іх рукі, але не адчуваюць; ёсьць у іх ногі, але ня ходзяць; і яны гукаў не выдабываюць з горла свайго. Няхай будуць да іх падобныя тыя, што іх робяць, і ўсе, хто на іх спадзяецца. Доме Ізраілеў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт. Доме Ааронаў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт. Хто баіцца Госпада! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт. Гасподзь нас памятае, дабраслаўляе нас, дабраслаўляе Ізраілеў дом, дабраслаўляе Ааронаў дом; дабраслаўляе тых, што баяцца Госпада, малых і вялікіх. Няхай дадасьць вам Гасподзь болей і болей, вам і дзецям вашым, дабраславёныя вы Госпадам, Які стварыў неба і зямлю. Неба - неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым. Ня мёртвыя ўславяць Госпада, ні ўсё, што ў магілу сыходзіць, а мы жывыя дабраслаўляцьмем Госпада ад сёньня і давеку. Алілуя.