ПСАЛТЫР. 117. Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная. Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная. Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная. Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная. З уціску паклікаў я Госпада, і пачуў мяне, і на шырокае месца вывеў мяне Гасподзь. Гасподзь за мяне - не збаюся: што зробіць мне чалавек? Гасподзь мне памочнік: буду глядзець на ворагаў маіх. Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на чалавека. Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на князёў. Усе народы абступілі мяне, але імем Гасподнім я іх скінуў; Абступілі мяне, атачылі мяне; але імем Гасподнім я іх скінуў. Абселі мяне, як пчолы соты, і пагасьлі, як вагонь у цёрне; імем Гасподнім я іх скінуў. Моцна штурхнулі мяне, каб я ўпаў; але Гасподзь падтрымаў мяне. Гасподзь сіла мая і песьня; Ён зрабіўся выратаваньнем маім. Голас радасьці і выратаваньня ў жытлішчах праведнікаў; правіца Гасподняя творыць сілу! Правіца Гасподняя высока, правіца Гасподняя творыць сілу! Не памру, а жыць буду і абвяшчацьму дзеі Гасподнія. Строга пакараў мяне Гасподзь, але сьмерцю мяне не скараў. Адчынеце мне браму праўды: увайду ў яе, праслаўлю Госпада, вось брама Госпада, праведныя ўвойдуць у яе. Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім. Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла. Гэта - ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах. Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты! О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці! Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга. Бог - Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка. Ты - Бог мой: славіць буду Цябе; Ты - Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем). Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.