ПСАЛТЫР. 131. Песьня ўзыходжаньня. Спамяні, Госпадзе, Давіда, і ўсе ягоныя пакуты: як ён прысягаў Госпаду, даваў зарок Моцнаму Якава; «не ўвайду ў палатку дома майго, ня ўзыду на ложак мой; ня дам сну вачам маім і павекам маім дрымоты, пакуль не знайду месца Госпаду, жытлішча Моцнаму Якава». Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Ярыма. Пойдзем да жытлішча Ягонага, паклонімся падножжу ног Ягоных. Стань, Госпадзе, на месца пакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй. Сьвятары Твае апранаюцца ў праўду, і сьвятыя Твае ўзрадуюцца. Дзеля Давіда, раба Твайго, не адвярні аблічча памазанца Твайго. Прысягаў Гасподзь Давіду ў ісьціне, і не зрачэцца яе; «ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на троне тваім. Калі сыны твае будуць шанаваць запавет Мой і Мае сьведчаньні, якім Я іх навучу: дык і іхнія сыны вечна сядзецьмуць на троне тваім». Бо выбраў Гасподзь Сіён; пажадаў яго жытлом Сабе. «Гэта - спакой Мой навечна; тут пасялюся, бо Я пажадаў яго. Ежу ягоную дабраслаўляючы дабраслаўлю, убогіх ягоных накармлю хлебам; сьвятароў ягоных апрану ў выратаваньне, і сьвятыя ягоныя радасьцю ўзрадуюцца. Там згадую рог Давіду, пастаўлю сьветач памазанцу Майму. Ворагаў ягоных апрану ў сорам; а на ім будзе зьзяць вянок ягоны».