ПСАЛТЫР. 134. Алілуя. Хвалеце імя Гасподняе, хвалеце, рабы Гасподнія, усе, хто стаіць у доме Гасподнім, у дварах Бога нашага. Хвалеце Госпада, бо Гасподзь добры; сьпявайце імю Ягонаму, бо гэта соладка, бо Гасподзь абраў сабе Якава, Ізраіля ўласнасьцю Сваёю. Я ўведаў, што Гасподзь вялікі, і Гасподзь наш вышэйшы за ўсіх багоў. Гасподзь творыць усё, што хоча, на нябёсах і на зямлі, на морах і ва ўсіх прадоньнях; узводзіць хмары ад краю зямлі, творыць маланкі пры дажджы, выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх. Ён пабіў першынцаў Егіпта, ад чалавека да быдла, паслаў азнакі і цуды сярод цябе, Егіпце, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных, пабіў народы многія, і вынішчыў цароў моцных: Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага, і ўсе царствы Ханаанскія; і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму. Госпадзе! імя Тваё навечна; Госпадзе! памяць пра Цябе з роду ў род. Бо Гасподзь судзіцьме народ Свой, і з рабоў Сваіх умілажаліцца. Ідалы язычнікаў - срэбра і золата, утворы рук чалавечых. Ёсьць у іх вусны, але не маўляюць, ёсьць у іх вочы, але ня бачаць; ёсьць у іх вушы, але ня чуюць, і няма дыханьня ў вуснах у іх. Спадобняцца ім тыя, што робяць іх, і кожны, хто спадзяецца на іх. Доме Ізраілеў! дабраславеце Госпада. Доме Ааронаў! дабраславеце Госпада. Доме Лявія! дабраславеце Госпада. Хто баіцца Госпада, дабраславеце Госпада. Дабраславёны Гасподзь ад Сіёна, Які жыве ў Ерусаліме! Алілуя!