ПСАЛТЫР. 136. Давідава. Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён. На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы. А тыя, што нас паланілі, песьняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі - весялосьці: «пасьпявайце нам зь песьняў Сіёна». Як нам сьпяваць Гасподнюю песьню на чужынскай зямлі? Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая; хай прыліпне язык мой да паднябеньня, калі помніць цябе я ня буду, калі не пастаўлю Ерусаліма на чале весялосьці маёй. Прыгадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дзень Ерусаліма, калі казалі яны: «руйнуйце, руйнуйце да падмурка яго». Дачка Вавілона, спусташальніца! дабрашчасны, хто ўдзеліць табе за тое, што зрабіла ты нам! Дабрашчасны, хто возьме й заб'е немаўлятак тваіх аб камень!