ПСАЛТЫР. 138. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш. Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк. Ці іду я, ці адпачываю, - Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя. Яшчэ слова няма на мове маёй, - Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала. Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю. Дзіўнае мне Тваё веданьне - высока, дасягнуць яго не магу! Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку? Ці на неба ўзыду - Ты там; ці сыду ў апраметную - і там Ты. Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, - і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая. Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу; але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло. Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй. Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта, Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны. Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было. Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам! Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою. О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя! Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае. Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе? Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне. Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае, і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны.