ПСАЛТЫР. 140. Госпадзе! да Цябе заклікаю; пасьпяшайся да мяне, уваж голасу маленьня майго, калі клічу Цябе. Хай пойдзе малітва мая, як фіміям, да аблічча Твайго, уздыманьне рук маіх - як ахвяра вячэрняя. Пакладзі, Госпадзе, ахову на вусны мае, і аслані дзьверы вуснаў маіх; ня дай нахіліцца сэрцу майму да словаў падступных, і на перапросіны дзеяў грахоўных і людзей, што беззаконьне ўчыняюць, і хай не скаштую я іхніх прысмакаў. Хай карае мяне праведнік: гэта - міласьць; хай выкрывае мяне: гэта - найлепшы алей, які не пашкодзіць галаве маёй; а малітвы мае - супраць зладзействаў іхніх. Іхнія правадыры рассыпаліся па скалах, і чуюць, што словы мае лагодныя. Быццам зямлю расьсякаюць і трушчаць нас; сыплюцца косткі нашыя ў шчэлепы апраметнай. Але да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, вочы мае; на Цябе спадзяюся, не адкінь душы маёй! Ахавай мяне ад пастак, пастаўленых на мяне, ад цянётаў беззаконцаў. Хай трапяць бязбожнікі ў сеткі свае, а я перайду.