ПСАЛТЫР. 144. Хвала Давідава. Хваліць буду Цябе, Божа мой, Цару мой, і дабраслаўляць імя Тваё векі вечныя. Кожны дзень дабраслаўляць буду Цябе і хваліць імя Тваё векі вечныя. Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі, і веліч Ягоная недасьледная. Род у род будзе хваліць дзеі Твае і абвяшчаць магутнасьць Тваю. А я буду разважаць пра высокую славу велічы Тваёй і пра высокія чыны дзеі Твае. Буду казаць пра моц страшных дзеяў Тваіх, і я буду абвяшчаць веліч Тваю. Будуць абвяшчаць памяць вялікай даброці Тваёй і распавядацьмуць праўду Тваю. Шчодры і міласэрны Гасподзь, вельмі цярплівы і вельмі мілажальны. Добры Гасподзь да ўсіх, і шчадроты Ягоныя на ўсіх дзеях Ягоных. Хай славяць Цябе, Госпадзе, усе дзеі Твае, і хай дабраслаўляюць Цябе сьвятыя Твае; хай прапаведуюць славу царства Твайго і распавядаюць пра магутнасьць Тваю, каб перадаць сынам чалавечым пра моц Тваю і пра слаўную веліч царства Твайго. Царства Тваё - царства ўсіх вякоў, і валадарства Тваё - ва ўсе роды. Гасподзь падтрымлівае ўсіх, хто падае, і падымае ўсіх, хто ўпаў. Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу сваім часам; адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі. Праведны Гасподзь на ўсіх дарогах Сваіх і добры ва ўсіх дзеях Сваіх. Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе. Жаданьне тых, што баяцца Яго, Ён выконвае, скаргі іхнія чуе, і ратуе іх. Асланяе Гасподзь усіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожных зьнішчае. Вусны мае вымавяць хвалу Гасподнюю, і хай дабраслаўляе ўсякае цела сьвятое імя Ягонае вечна.