ПСАЛТЫР. 148. Алілуя. Хвалеце Госпада зь нябёсаў, хвалеце Яго ў вышынях. Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя, хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя. Хвалеце Яго, сонца і месяц, хавалеце Яго, усе зоркі сьвету. Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў і воды, якія вышэй за неба. Хай хваляць імя Госпада, бо Ён сказаў - і сталася, Ён загадаў, і стварылася, паставіў іх на векі вечныя; даў наказ, які не праміне. Хвалеце Госпада зь зямлі, вялікія рыбы і ўсе прадоньні, вагонь і град, сьнег і туман, буйны вецер, які напаўняе слова Ягонае, горы і ўсе пагоркі, дрэвы плодныя і ўсе кедры, зьвяры і ўсякае быдла, паўзуны і птушкі крылатыя, цары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямныя, хлопцы і дзяўчаты, старцы і падлеткі хай хваляць імя Госпада; бо толькі Ягонае імя высока ўзьнесена, слава Ягоная на зямлі і на нябёсах. Ён падняў рог народу Свайго, славу ўсіх сьвятых Сваіх, сыноў Ізраілевых, народу, блізкага Яму. Алілуя.