ПСАЛТЫР. 149. Алілуя. Сьпявайце Госпаду песьню новую; слава Яму на сходні сьвятых. Хай радуецца Ізраіль за Творцу свайго; сыны Сіёна хай радуюцца за Цара свайго. Хай хваляць імя Ягонае скокамі; на тымпане і арфе хай сьпяваюць Яму, бо дабраволіць Гасподзь народу Свайму, праслаўляе пакорных ратункам. Хай радуюцца сьвятыя ў славе, хай сьпяваюць на ложках сваіх. Хай будуць праслаўленьні Богу ў іхніх вуснах, і меч двусечны ў руцэ іхняй, каб помсьціць народам, караць плямёны, закоўваць цароў іхніх у кайданы і вяльможаў іхніх - у путы жалезныя, чыніць над імі суд пісаны. Гонар гэты - усім сьвятым Ягоным. Алілуя.