ВЫСЛОЎІ. 3. Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё; бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе. Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго: і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей. Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой. На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае. Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха; Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім. Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх; і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном. Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя; бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму. Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум! Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата. Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю. Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава; шляхі яе - шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе - мірныя. Яна - дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе! Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам; Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою. Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць: і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй. Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца. Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе. Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе; бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі. Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта. Не кажы сябру твайму: «ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам», калі маеш з сабою. Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою. Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога. Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя, бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае. Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе. Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату. Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу.