ВЫСЛОЎІ. 6. Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога, і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх, зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго; не давай сну вачам тваім і дрымоты вейкам тваім; ратуйся, як сарна з рукі, і як птушка з рукі птушкалова, падыдзі да мурашкі, гультаю, паглядзі на шляхі яе, і будзь мудры. Няма ў яе ні валадара, ні прыстаўленага, ані ўпраўцы; а яна рыхтуе летам свой хлеб, зьбірае ў час жніва пракорм свой. Дакуль ты, гультаю, будзеш ляжаць? калі ты ўстанеш ад сну твайго? Крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху склаўшы рукі паляжыш: і прыйдзе, нібы валацуга, беднасьць твая, і галеча твая, як разбойнік. Чалавек падступны, чалавек бязбожны ходзіць зь ілжывымі вуснамі, міргае вачыма сваімі, гаворыць нагамі сваімі, дае знакі пальцамі сваімі; хітрына ў сэрцы ў яго, ён намышляе ліхое ва ўсякі час, сее разлад. Таму зьнянацку прыйдзе пагібель яго, раптам будзе разьбіты - без ацаленьня. Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, - агіда душы Яго: вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў, сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства, ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі. Сыне мой! захоўвай запаведзі бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй; навяжы іх назаўсёды на сэрца тваё, абвяжы імі шыю тваю. Калі ты пойдзеш, яны накіруюць цябе; калі ляжаш спаць, будуць ахоўваць цябе; калі прачнешся, гутарыць будуць з табою: бо запаведзь ёсьць сьветач, а навука - сьвятло, і павучальныя наказы - дарога жыцьця, каб засьцерагчы цябе ад зласьлівай жанчыны, ад лісьлівага языка чужынкі. Не пажадай хараства яе ў сэрцы тваім, і хай не завабіць яна цябе вейкамі сваімі; бо жанчыне распуснай даюць кавалак хлеба; а замужняя жанчына палюе на дарагую душу. Хто можа ўзяць агонь запазуху, каб не прагарэла адзежа яго? Хто можа хадзіць па распаленым вугольлі, каб не апаліць ног сваіх? Тое самае бывае і з тым, хто ўваходзіць да жонкі блізкага свайго; хто дакранецца да яе, не застанецца бязь віны. Не патураюць злодзею, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны; але злоўлены, ён заплаціць у сем разоў, аддасьць усю маёмасьць дома свайго. А хто пералюбнічае з жанчынаю, у таго няма розуму; той губіць душу сваю, хто робіць такое; пабоі і ганьбу ён зышча, і ганьба яго не сатрэцца; бо рэўнасьць - лютасьць мужчыны, і не ўмілажаліцца ён у дзень помсты, ня прыме адкупу ніякага, і не захоча, як бы ты ні памножыў гасьцінцы.