ВЫСЛОЎІ. 9. Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных, закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну; паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада: «хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала: «ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае; адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці». Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе. Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе; дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды. Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум; бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця. Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш. Жанчына бяз розуму - крыклівая, дурніца - ні ў чым не абазнаная, сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях, каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе: «хто дурны, заварочвай сюды!», а неразумным кажа яна: «вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны». Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.