ВЫСЛОЎІ. 10. Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды - засмучэньне маці ягонай. Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці. Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне. Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае. Хто зьбірае летам - сын разумны, а хто сьпіць у жніва - сын шалапутны. Дабраславеньні - на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле. Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца. Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца. Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты. Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца. Вусны праведніка - крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле. Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі. На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога - дубец. Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля - блізкая пагібель. Маёмасьць багатага - моцны горад яго, бяда бедным - іхняе ўбоства. Праца праведнага - на жыцьцё, прыбытак бязбожнага - на грэх. Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай - блукае. Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы - неразумны. Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае - разумны. Чыстае срэбра - язык праведнага, а сэрца бязбожных - нікчэма. Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду. Дабраславеньне Гасподняе - яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць. Радуе немысьля - учынак ганебны, а чалавека разумнага - мудрасьць. Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца. Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка - аснова вечная. Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго. Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца. Спадзяваньне праведнікам - радасьць, а надзея бязбожных загіне. Шлях Гасподні - цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным. Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі. З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны. Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае.