ВЫСЛОЎІ. 11. Няправільныя вагі - агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму. Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі - мудрасьць. Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх. Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці. Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй. Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім. Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае. Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны. Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца. З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны - сьпявае. Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца. Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць. Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае. Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах - дабрадзенствуе. Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы. Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця. Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю. Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду - узнагарода пэўная. Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй. Агіда Госпаду - падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць. Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца. Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і - неразумная. Жаданьне праведных - толькі дабро, надзея бязбожных - гнеў. Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее. Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе. Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае. Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць. Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць. Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму. Плод праведніка - дрэва жыцьця, а мудры яднае душы. Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.