ВЫСЛОЎІ. 13. Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона - зло. Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда. Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца. Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе. Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў. Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа. Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе. Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне. Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, - мудрасьць. Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго. Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, - як дрэва жыцьця. Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны. Навука ў мудрага - крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці. Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая. Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць. Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец - ратунак. Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе. Жаданьне, якое споўнілася, - прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла. Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца. Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро. Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму. Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя. Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго. Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.