ВЫСЛОЎІ. 14. Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі. Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго. У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе. Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў. Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы. Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды. Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў. Мудрасьць разумнага - што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў - толькі ашука. Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных - Божая мілата. Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай. Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце. Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх - шлях сьмерці. І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак. Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры - ад сваіх. Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае. Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны. Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны. Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды. Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя - каля варот праведніка. Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў. Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны. Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае. Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба. Вянок мудрых - багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць. Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы. У страху перад Госпадам - надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча. Страх Гасподні - крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці. У мностве народу - веліч цара, а пры малалюдзтве - бяда ўладару. У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці. Ціхмянае сэрца - жыцьцё целу, а зайздрасьць - гнілізна касьцям. Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму. За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею. Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца. Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне - ганьба народаў. Ласка царова - рабу разумнаму, а гнеў цара - супроць таго, хто ганьбіць яго.