ВЫСЛОЎІ. 15. Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць. Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства. Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых. Лагодны язык - дрэва жыцьця, а неўтаймаваны - хвароба духу. Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме. У доме ў праведніка - мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага - разлад. Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не. Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы. Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць. Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне. Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых. Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе. Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца. Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю. Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята. Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу. Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць. Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару. Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая. Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю. Дурнота - радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю. Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца. Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час! Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе. Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе. Агіда Госпаду - намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму. Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць. Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое. Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе. Прымружвае вочы свае, каб прыдумаць хітрыну; закусваючы сабе губы, учыняе зладзейства, Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых. Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум. Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.