ВЫСЛОЎІ. 17. Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам. Разумны раб валадарыць над шалапутным сынам і між братамі падзеліць спадчыну. Плавільня - на срэбра, і гарніла - пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гасподзь. Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных. Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня. Вянок старых - сыны сыноў, і словы дзяцей - бацькі іхнія. Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму - вусны ілжывыя. Хабар - каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць. Хто прыкрывае правіну - шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра. На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў. Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго. Лепей сустрэць чалавеку мядзьведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай. Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло. Пачатак свары - як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна. Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага - абодва агідныя Госпаду. Навошта скарб у руках у неразумнага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму. Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці. Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго. Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шукае падзеньня. Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду. Калі нарадзіў хто немысьля - сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца. Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці. Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя. Мудрасьць - перад абліччам у разумнага, а вочы неразумнага - на канцы зямлі. Неразумны сын - прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй. Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду. Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў. І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замыкае вусны свае.