ВЫСЛОЎІ. 18. Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага. Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум. З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды - ганьба. Слова з вуснаў чалавечых - глыбокія воды; крыніца мудрасьці - бруісты паток. Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе. Вусны бязглуздага цягнуць у незлагадзь, а словы яго выклікаюць бойку. Язык бязглуздага - пагібель яму, а вусны яго - сетка на душу ягоную. Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны гладка ўваходзяць у нутро чалавека. Нядбалы ў працы сваёй - брат марнатраўцы. Імя Госпада - моцная вежа: убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы. Маёмасьць багатага - як моцны горад ягоны, і высокім мурам здаецца яму. Перад падзеньнем узносіцца сэрца чалавека, а сьціпласьць ідзе наперадзе славы. Хто дае адказ, ня выслухаўшы, той неразумны і брыдка яму. Дух чалавека пераносіць яго немачы; а прыгнечаны дух - хто можа ўмацаваць яго. Сэрца разумнага набывае веды, і вуха мудрых шукае ведаў. Дарунак дае чалавеку прастору і да вяльможаў давядзе яго. Першы ў цяжбіне сваёй мае рацыю, але прыходзіць супернік ягоны і паняверыць яе. Жэрабя спыняе спрэчкі і вырашае паміж моцнымі. Азлоблены брат няпрыступнейшы за моцны горад, і свары падобныя на замкі замка. Ад плоду вуснаў чалавека напаўняецца чэрава ягонае; вытворамі вуснаў сваіх ён насычаецца. Сьмерць і жыцьцё - ва ўладзе языка, і хто любіць яго, скаштуе ад плоду яго. Хто знайшоў жонку, той знайшоў дабро і атрымаў мілату ад Госпада. З мальбою гаворыць убогі, а багаты адказвае груба. Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны; і бывае сябар больш прыязны за брата.