ВЫСЛОЎІ. 19. Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны. Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца. Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада. Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны. Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца. Многія дагаджаюць заможным; і кожны - сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў. Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма. Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро. Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне. Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі. Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная - паблажлівым да неразважлівых учынкаў. Гнеў цара - як рык ільва, а ласка ягоная - як раса на траву. Неразумны сын - пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка - сьцёкавая рына. Дом і маёмасьць - спадчына ад бацькоў, а разумная жонка - ад Госпада. Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць. Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае - загіне. Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае. Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным. Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго. Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым. Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам. Радасьць чалавеку - дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы. Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго. Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх. Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне. Хто бацьку руйнуе і выганяе маці - сын бессаромны і ганебны. Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму. Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду. На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары - на цела дурных.