ВЫСЛОЎІ. 23. Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою; і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны. Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта - уяўная ежа. Ня турбуйся пра тое, каб набыць багацьце; адкінь такія думкі твае. Зьвернеш вочы твае на яго, і - яго ўжо няма; бо яно зробіць сабе крылы і, як арол, паляціць да неба. Не каштуй ежы ў чалавека зайздросьлівага, і не спакушайся ласнымі прысмакамі ягонымі, бо, якія думкі ў душы ў яго, такі і ён сам; «еж і пі», кажа ён табе, а сэрца яго не з табою. Кавалак, які ты зьеў, вырыгнеш, і добрыя словы твае ты ўжывеш марна. У вушы неразумнаму не кажы, бо ён занядбае разумныя словы твае. Не перасоўвай мяжы даўняй і на поле сіротаў не заходзь; бо Абаронца ў іх моцны; Ён заступіцца за справу іхнюю перад табою. Прыхілі сэрца тваё да вучэньня і вушы твае - да разумных слоў. Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ: ты пакараеш яго дубцом і ўратуеш душу яго ад пекла. Сыне мой! калі сэрца тваё будзе мудрае, парадуецца і маё сэрца; і душа мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць слушна. Хай не зайздросьціць сэрца тваё грэшнікам; а хай будзе яно ва ўсе дні ў страху Гасподнім; бо ёсьць будучыня, і надзея твая ня страчана. Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях. Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб'ядаюцца мясам: бо п'яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы. Слухайся бацькі твайго: ён спарадзіў цябе; і не пагарджай маці тваёй, калі яна будзе старая. Купі ісьціну, і не прадавай мудрасьці і разумнага вучэньня. Радуецца бацька праведніка, і, хто нарадзіў мудрага - радуецца зь яго. Хай весяліцца бацька твой і хай радуецца маці твая, якая цябе нарадзіла. Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі: бо распусьніца - глыбокая прорва, а чужая жонка - вузкі калодзеж; яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў. У каго гора? у каго нядоля? у каго бяспрычынныя раны? у каго чырвоныя вочы? У тых, што доўга сядзяць за віном, што прыходзяць скаштаваць віна неразьведзенага. Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца; пазьней яно ўкусіць, як змей, і ўджаліць, як асьпід; вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае; і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты. І скажаш: «білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае.»