ВЫСЛОЎІ. 24. Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі: бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія. Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца, і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю. Чалавек мудры - дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю. Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў. Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх. Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам. Намысел неразумнага - грэх, і блюзьнер - мярзота людзям. Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая. Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой? Ці скажаш: «вось, мы ня ведалі гэтага?» А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных. Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму: такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная. Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага. Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі. Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца. Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў. Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам: бо ліхі ня мае будучыні - сьветач бязбожных патухне. Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай, бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае? Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе - нядобра. Хто кажа вінаватаму: «твая праўда», таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны; а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне. У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі. Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой. Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі? Не кажы: «як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных». Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага. І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся. І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку: «крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш; і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая - як чалавек узброены».