ВЫСЛОЎІ. 26. Як сьнег летам і дождж у жніва, так гонар не пасуе неразумнаму. Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца. Плётка каню, аброць аслу, а кій немысьлю. Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпадобніўся яму; а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх. Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь немысьля. Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага. Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному. Што калючы бадзяк у руцэ ў п'янага, тое і выслоўе на вуснах у неразумнага. Дужы робіць усё адвольна: і неразумнага ўзнагароджвае, і кожнага праходжага ўзнагароджвае. Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае. Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, - дык на дурнога болей надзеі, чым на яго. Гультай кажа: «леў на дарозе! леў на дварэ!» Дзьверы паварочваюцца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім. Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго. Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна. Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку. Як той, хто прыкідваецца вар'ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць, так - чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: «я толькі пажартаваў». Дзе няма болей дроў, агонь патухае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае. Вугаль - на жар, дровы - на распал свары. Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны ўваходзяць у нутро жывата. Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое. Вуснамі сваімі прыкідваецца вораг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое. Калі ён гаворыць і пяшчотным голасам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго. Хто нянавісьць прыкрывае на самоце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе. Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вернецца. Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхтуюць падзеньне.