ВЫСЛОЎІ. 29. Чалавек, які насуперак засьцярогам робіцца ўпарты, будзе раптам зламаны, і ня будзе яму дапамогі. Калі множацца праведнікі, весяліцца народ; а калі пануе бязбожнік, стогне народ. Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго; а які знаецца з распусьніцамі, той траціць маёмасьць. Цар правасудзьдзем мацуе зямлю, а аматар хабару руйнуе яе. Чалавек, які лісьлівіць сябру свайму, сьцеле сетку пад ногі яму. У грэху ліхога чалавека - сетка яму, а праведнік весяліцца і радуецца. Праведнік старанна дасьледуе цяжбіну бедных, а бязбожнік не разьбірае справы. Людзі разбэшчаныя бунтуюць горад, а мудрыя суцішаюць мяцеж. Разумны чалавек, калі судзіцца з чалавекам неразумным, ці злуецца, ці сьмяецца - ня мае спакою. Крыважэрныя людзі ненавідзяць бязбожнага, а праведныя клапоцяцца за яго жыцьцё. Неразумны ўвесь гнеў свой вылівае, а мудры стрымлівае яго. Калі ўладар слухае ілжывыя прамовы, дык і ўсе служкі ў яго бязбожныя. Бедны і ліхвяр сустракаюцца адзін з адным; але сьвятло вачам таго і другога дае Гасподзь. Калі цар судзіць бедных па праўдзе, дык трон ягоны назаўсёды ўцьвердзіцца. Дубец і засьцярога даюць мудрасьць; а занядбаны хлопчык робіць сорам сваёй маці. Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе. Карай сына твайго, і ён дасьць табе спакой, і прынясе радасьць душы тваёй. Няма адкрыцьця згары чалавеку разбэшчанаму, а хто жыве паводле закону - той шчасны. Словамі не навучыш раба; бо, хоць ён і разумее іх, але ня слухаецца. Ці бачыў ты чалавека неабачлівага ў словах сваіх? на неразумнага болей надзеі, чым на яго. Калі змалку выхоўваць раба ў дастатку, дык і пазьней ён захоча быць сынам. Чалавек гнеўлівы заводзіць свару, а запальчывы шмат грэшыць. Ганарыстасьць чалавека прыніжае яго, а сьціплы духам здабывае гонар. Хто дзеліцца са злодзеем, той ненавідзіць душу сваю; ён чуе праклён, але не абвяшчае пра тое. Боязь перад людзьмі ставіць сетку; а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў бясьпецы. Многія шукаюць прыхільнага. Мярзота праведнікам - чалавек няправедны, і мярзота бязбожнаму - той, хто ідзе простай дарогай.