НАЙВЫШЭЙШАЯ ПЕСЬНЯ САЛАМОНАВА. 1. Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі. Ад водару мазяў тваіх імя тваё - як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць. Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; - цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; - больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць! Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя. Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, - вінаграднікі вартаваць мне казалі, - свайго вінаградніка я не ўпільнавала. Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх? Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных. З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая. Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі; зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі. Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы. Мне мой мілы - як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях, мне мой мілы - як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі. Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы - дзьве галубіцы! Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш - зелень; стрэхі дамоў нашых - кедры, столі іх - кіпарысы.