ІСАІ. 3. Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, адбярэ ў Ерусаліма і ў Юды посах і кій, усякае сілкаваньне хлебам і ўсякае сілкаваньне вадою, адважнага правадыра і ваяра, судзьдзю і прарока, і празорцу і старца, пяцідзясяцкага, і заможніка, і радцу, і мудрага мастака, і майстра ў слове. І дам ім хлапцоў у начальнікі, і дзеці будуць валадарыць над імі. І ў народзе адзін будзе прыгнятацца другім, і кожны блізкім сваім; малады будзе нахабна заносіцца над старым, і прасталюднік над заможнікам. Тады ўхопіцца чалавек за брата свайго, у сямэі бацькі свайго, і скажа: «у цябе ёсьць адзеньне, будзь нашым правадыром, і хай будуць гэтыя руіны пад рукою тваёю». А ён з прысягаю скажа: «не магу загоіць ранаў грамадства; і ў маім доме няма ні хлеба, ні вопраткі; не рабеце мяне правадыром народу». Так рухнуў Ерусалім, і ўпаў Юда, бо язык іх і дзеі іхнія - супроць Госпада, абразьлівыя вачам славы Ягонай. Выраз іх твараў сьведчыць супроць іх, і пра грэх свой яны расказваюць адкрыта, як Садомляне, не хаваюць: гора душы іхняй! бо самі на сябе наклікаюць ліха. Скажэце праведніку, што добра яму: бо ён будзе есьці плады ўчынкаў сваіх; а беззаконьніку гора: бо будзе яму адплата за дзеі рук ягоных. Прыгнятальнікі народу Майго - дзеці, і жанчыны валадараць над ім. Народзе Мой! правадыры твае ўводзяць цябе ў аблуду, і дарогу сьцежак тваіх папсавалі. Паўстаў Гасподзь на суд - і стаіць, каб судзіць народы. Гасподзь уступае ў суд са старэйшынамі народу Свайго і з князямі яго: вы спустошылі вінаграднік; нарабаванае ў беднага - у вашых дамах. Навошта ўціскаеце люд Мой і прыгнятаеце бедных? кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф. І сказаў Гасподзь: за тое, што пышаюцца дочкі Сіёна, і ганарыста ходзяць, падняўшы шыю, і спакушаюць вачыма, і выступаюць гардзейскай хадою, і брынчаць ланцужкі на іхніх нагах, сьпляшывіць Гасподзь цемя дочкам Сіёна, і адкрые Гасподзь сарамату іхнюю. У той дзень адбярэ Гасподзь аздобы: прыгожыя ланцужкі на нагах і спражкі, і зорачкі, і дыядэмы, завушніцы, і пацеркі, і наплечнікі, і вяслы і бранзалеткі, і паясы, і пляшачкі з пахошчамі, і падвескі чароўныя, пярсьцёнкі і колцы ў нос, вопратку і сподняе, і хусткі, і кашалькі, сьветлыя шаты і вэлюмы, і павязкі, і покрывы. І будзе замест пахошчаў смурод, і замест пояса будзе вяроўка, і замест кудзерак плешына, і замест багатае шаты вярэта цесная, замест хараства кляймо ганьбы. Мужчыны твае загінуць ад меча, і адважнікі твае - на вайне. І будуць енчыць і плакаць брамы сталіцы, і будзе яна сядзець на зямлі спусташэньня.