ІСАІ. 13. Прароцтва пра Вавілон, якое выказаў Ісая, сын Амосаў. Падымеце сьцяг на голай гары, узвысьце голас; махнеце ім рукою, каб ішлі ў браму ўладароў. Я даў наказ выбранцам Маім, і заклікаў на выкананьне гневу Майго моцных Маіх, якія трыумфуюць у велічы Маёй. Вялікі гоман на горах, як бы шматлікага народу, мяцежны гул царстваў і народаў, што сабраліся разам: Гасподзь Саваоф азірае баявое войска. Ідуць з далёкай краіны, ад краю неба, Гасподзь і носьбіты гневу Ягонага, каб зьнішчыць усю зямлю. Галасеце, бо дзень Госпада блізкі, - ідзе, як разбуральная сіла ад Усемагутнага. Таму рукі ва ўсіх апусьціліся, і сэрца ў кожнага чалавека растала. Жахнуліся, курчы і боль ахапілі іх; пакутуюць, як парадзіха, зьдзіўлена глядзяць адзін на аднаго, твары ў іх разгарэліся. Вось, прыходзіць дзень Госпада грозны, з гневам і палкаю лютасьцю, каб зрабіць зямлю пустыняю і вынішчыць зь яе грэшнікаў яе. Зоркі нябесныя і сьвяцілы не даюць свайго сьвятла; сонца цьміцца пры ўзыходзе сваім, і месяц ня зьзяе сьвятлом сваім. Я пакараю сьвет за ліха, і бязбожных - за беззаконьні іхнія, і пакладу канец высокаразумнасьці ганарыстых і зьнішчу пыхлівасьць прыгнятальнікаў; зраблю так, што людзі будуць даражэйшыя за чыстае золата, і мужчыны - даражэйшыя за золата Афірскае. Дзеля гэтага скалану неба, - і зямля зрушыцца зь месца свайго ад лютасьці Госпада Саваофа, у дзень палымянага гневу Яго. Тады кожны, як гнаная сарна і як пакінутыя авечкі, вернецца да народу свайго, і кожны пабяжыць у сваю зямлю, Але кожны злоўлены будзе заколаты, і каго схопяць, той памрэ ад меча. І дзеці іх будуцуь разьбітыя на вачах у іх; дамы іхнія будуць зрабаваныя і жанкі іх зьняслаўленыя. Вось, я падыму супроць іх Мідзянаў, якія ня цэняць срэбра і ня прагнуць золата. Лукі іхнія пратнуць юнакоў і не пашкадуюць плоду ўлоньня: вока іхняе не ўмілажаліцца зь дзяцей. І Вавілон, акраса царстваў, гонар Халдэяў, будзе зруйнаваны Богам, як Садома і Гамора, не заселіцца ніколі, і з роду ў род ня будзе жыхароў у ім; не раскіне Аравіцянін намёту свайго, і пастухі са статкамі ня будуць адпачываць там. А будуць вадзіцца ў ім зьвяры пустыні, і дамы напоўняцца совамі; і страўсы паселяцца, і касмачы будуць скакаць там. Шакалы будуць выць у харомах іхніх, і гіены - у вясёлых дамах.