ІСАІ. 17. Прароцтва пра Дамаск. - Вось, Дамаск перастане быць горадам, і будзе грудай руінаў. Гарады Араэрскія будуць пакінуты, - застануцца пад статкі, якія адпачывацьмуць там, і ня будзе каму іх палохаць. Ня стане цьвярдыні Яфрэмавай і царства Дамаскага з астатняю Сірыяй; зь імі будзе тое самае, што са славаю сыноў Ізраіля, кажа Гасподзь Саваоф. І станецца ў той дзень: паменшыцца слава Якава, і тлустае цела ягонае схуднее. Тое самае будзе, што і пасьля збору збожжа жняцом, калі рука ягоная сажне каласы, і калі зьбяруць каласы ў даліне Рэфаімскай. І застануцца ў яго, як бывае пры абіваньні масьлін, дзьве-тры ягадзіны на самай вяршаліне, альбо чатыры, пяць на ўрадлівых галінах, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў. У той дзень аберне чалавек позірк свой да Творцы свайго, і вочы яго глядзецьмуць на Сьвятога Ізраілевага; і ня зірне на ахвярнікі, на дзею рук сваіх, і не паглядзіць на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, на куміраў Астарты і Ваала. У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як мясьціны ў лясах і на вяршынях гор, пакінутыя перад сынамі Ізраіля, - і ўсё запусьцеецца. Бо ты забыў Бога ратунку твайго, і не ўспамінаў пра скалу прытулку твайго; таму і насадзіў сады на забавы і пасадзіў чаранкі ад чужой лазы. У дзень, калі ты садзіў, ты калаціўся, каб яно расло, і каб пасеянае табою рана расьцьвіло; але ў дзень збору не багатае жніво будзе, а пакута вялікая. Ды жаль! шум народаў многіх! бушуюць яны, як бушуе мора. Род плямёнаў! яны равуць, як равуць моцныя воды. Равуць народы, як равуць моцныя воды; але Ён пагразіў ім, і яны далёка пабеглі, і былі гнаныя, як тло па гарах ад ветру і як пыл ад віхуры. Вечар - і вось жудасьць! І да раніцы ўжо няма яе. Такая доля рабаўнікоў нашых, лёс спусташальнікаў нашых.