ІСАІ. 46. Упаў Віл, паваліўся Нэво; балваны іхнія - на быдле і ўючных жывёлах; вашая ноша сталася цяжкаю стомленым жывёлам. Паваліліся, упалі разам; не маглі абараніць тых, што несьлі, і самі пайшлі ў палон. Паслухайце мяне, доме Якава і ўся рэшта дома Ізраілевага, прынятыя Мною ад улоньня, каго Я насіў ад утробы матчынай: і да старасьці вашай Я той самы буду, і да сівізны вашай Я ж буду насіць вас; Я стварыў і буду насіць, падтрымліваць і ахоўваць вас. Да каго прыпадобніце Мяне і з кім параўнаеце, і з кім зьверыце, каб мы былі падобныя? Высыпаюць золата з кашалька і важаць срэбра на вагах, і наймаюць срабрака, каб ён зрабіў зь яго бога; кланяюцца яму і ўпадаюць перад ім, падымаюць яго на плечы, нясуць яго і ставяць яго на сваё месца; ён стаіць, зь месца свайго не кранецца; крычаць яму - ён не адказвае, не ратуе ад бяды. Успомніце гэта і пакажэце сябе мужамі; прымеце гэта, адступнікі, да сэрца; успомніце былое раней, ад пачатку веку, бо Я - Бог, і няма іншага Бога, і няма падобнага да Мяне. Я ўзьвяшчаю на пачатку, што будзе ў канцы, і ад старадаўніх часін тое, што яшчэ не зрабілася, кажу: Мая рада адбудзецца, і ўсё, што Мне заўгодна, Я зраблю. Я паклікаў арла з усходу, з далёкай краіны, спраўцу вызначэньня Майго. Я сказаў - і спраўджу гэта; прадпісаў - і зраблю. Паслухайце Мяне, жорсткія сэрцам, далёкія ад праўды: Я наблізіў праўду Маю, - яна не далёка, і ратунак Мой не замарудзіць; і дам Сіёну выратаваньне, Ізраілю - славу Маю.