ПЛАЧ. 3. Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу: Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло. Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня; выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці; абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю; пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых; акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае, і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй; крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае. Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы; скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне; напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы; паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго. Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго. Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном; скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам. І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні, і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада. Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын. Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне. Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся: зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль: ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая! Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго. Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго. Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада. Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй; сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго; кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: «магчыма, яшчэ ёсьць надзея»; падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б'е, здавальняецца ганьбаваньнем, бо не навек пакідае Гасподзь. Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй. Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых. Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі, калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга, калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь? Хто гэта кажа: «І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць»? Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех? Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае. Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада. Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах: мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся: Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы; Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва; сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў. Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы. Жудасьць і яма, спусташэньне і разбурэньне - доля наша. Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго. Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма, пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў. Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада. Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны; укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі. Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: «загінуў я». Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай. Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго! Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся! Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё. Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю. Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне; Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне, словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень. Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх - песьня. Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх; пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх; перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.