ПЛАЧ. 5. Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае: спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя - да іншапляменцаў; Мы асірацелі, бяз бацькі; маці нашыя - аўдавелі. Ваду сваю п'ем за срэбра, дровы нашыя нам за грошы даюць. Нас паганяюць у карак, мы працуем - і ня маем спачыну. Працягваем руку да Егіпцянаў, да Асірыянаў, каб наесьціся хлеба. Бацькі нашыя грэшнікі: іх больш няма, а мы кару нясем за беззаконьні іхнія. Рабы пануюць над намі, і няма каму выбавіць з-пад рукі іхняй. Свой хлеб здабываем з пагрозай жыцьцю ад меча. Счарнела, як печ, нашая скура ад пякучага голаду Жанок на Сіёне няславяць, дзяўчат - у гарадах Юдэйскіх. Князі павешаны рукамі іхнімі, абліччы старцаў не ўшанаваны. Юнакоў бяруць да жорнаў, і падлеткі падаюць пад ношкамі дроў. Старцы не сядзяць больш каля варотаў; хлапцы не сьпяваюць. Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся. Упаў вянок з галавы нашай; гора нам, што мы зграшылі! Ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся. Ад таго, што апусьцела гара Сіён, лісы ходзяць па ёй. Ты, Госпадзе, жывеш вечна; трон твой - род у род. Дзеля чаго зусім забываеш нас, пакідаеш на доўгі час? Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся; абнаві дні нашыя, як спрадвеку было. Няўжо ты зусім адкінуў нас, прагневаўся на нас бязь меры?