ЕЗЭКІІЛЯ. 27. І было мне слова Гасподняе: і ты, сыне чалавечы, падымі плач па Тыры і кажы Тыру, які пасяліўся на выступах у моры і гандлюе з народамі на многіх выспах: так кажа Гасподзь Бог: Тыру! ты кажаш: «я дасканаласьць прыгажосьці!» Межы твае - у сэрцы мораў: будаўнікі твае ўдасканалілі прыгажосьць тваю: з Сэнірскіх кіпарысаў зладзілі ўсе памосты твае: бралі зь Лівана кедр, каб зрабіць на табе мачты; з дубоў Васанскіх рабілі вёслы твае; услоны твае рабілі з букавага дрэва, з аправаю з слановай касьці з астравоў Кітымскіх; узорыстыя палотны зь Егіпта ўжываліся на ветразі твае і служылі сьцягам; блакітнага і пурпуровага колеру тканіны з астравоў Элісы былі пакрывалам тваім. Жыхары Сідона і Арвада былі ў цябе за весьляроў; свае знаўцы былі ў цябе, Тыру; яны былі ў цябе за стырнавых. Старэйшыны з Гевала і знаўцы ягоныя былі ў цябе, каб закрываць прабоіны твае. Усякія марскія караблі і карабельнікі іх былі ў цябе, каб ладзіць гандаль твой. Перс і Лідзянін і Лівіец былі ў тваім войску і былі ў цябе ратнікамі, вешалі на табе шчыт і шлем; яны надавалі табе велічы. Сыны Арвада з тваім уласным войскам вакол на сьценах тваіх, і Гамадымы былі на вежах тваіх; навокал на сьценах тваіх яны вешалі калчаны свае; яны давяршылі тваю красу. Тарсіс, твой гандлёвец, паводле мноства рознага багацьця, плаціў за твае тавары срэбрам, жалезам, сьвінцом і волавам. Яван, Тувал і Мэшэх гандлявалі з табою, выменьвалі твае тавары на чалавечыя душы і медны посуд. З дома Тагарма за твае тавары дастаўлялі табе коней і страявых коней і мулаў. Сыны Дэдана гандлявалі з табою; многія астравы рабілі з табою мены, на плату табе дастаўлялі слонавую косьць і чорнае дрэва. З прычыны тваёй вялікай гандлёвай вытворчасьці гандлявалі з табою Арамэяне; за твае тавары яны плацілі карбункуламі, тканінай пурпуровай, узорыстай і вісонамі, і караламі і рубінамі. Юдэя і зямля Ізраілевая гандлявалі з табою; за тавар твой плацілі пшаніцаю Мінініцкаю і прысмакамі і мёдам, і драўнінным алеем і бальзамам. Дамаск, з прычыны тваёй вялікай гандлёвай вытворчасьці, у надмер усякага багацьця, гандляваў з табою віном Хэлбонскім і белаю воўнаю. Дан і Яван з Узала плацілі табе за тавары твае вырабленым жалезам; касія і пахучая трысьціна ішлі табе на абмен. Дэдан гандляваў з табою каштоўнымі гунькамі для верхавой язды. Аравія і ўсе князі Кідарскія рабілі мену з табою: ягнят і бараноў і казлоў выменьвалі табе. Купцы з Савы і Ратмы гандлявалі з табою ўсякімі найлепшымі пахошчамі і ўсякімі дарагімі камянямі, і золатам плацілі за тавары твае. Харан і Ханэ і Эдэн, купцы Савэйскія, Асур і Хілмад гандлявалі з табою. Яны гандлявалі з табою каштоўнаю вопраткаю, шаўковым і ўзорыстым палатном, якое яны прывозілі на твае рынкі ў дарагіх скрынях, зробленых з кедра і добра ўпакаваных. Тарсіскія караблі былі тваімі караванамі ў тваім гандлі, і ты зрабіўся багатым і даволі славутым сярод мораў. Весьляры твае завялі цябе ў вялікія воды; усходні вецер разьбіў цябе сярод мораў. Тваё багацьце і твае тавары, усе твае склады, карабельнікі твае і твае стырнікі, што закладвалі твае прабоіны і кіравалі тваім гандлем, і ўсе ратнікі твае, якія ў цябе былі, і ўсё мноства народу ў табе ў дзень твайго падзеньня ўпадзе ў сэрца мораў. Ад ляманту стырнікаў тваіх задрыжаць ваколіцы. І з караблёў сваіх сыдуць усе весьляры, карабельнікі, усе стырнікі мора стануць на зямлю; І загалосяць па табе моцным голасам і горка застогнуць, пасыпаўшы попелам свае галовы, і качаючыся ў пыле; і астрыгуць па табе валасы нагола і апяражуцца вярэтамі і заплачуць па табе ад душэўнай скрухі горкім плачам; і ў жальбе сваёй узьнясуць сьлёзную песьню па табе, і так загалосяць па табе: «хто як Тыр, так разбураны сярод мора! Калі прыходзілі з мора твае тавары, ты карміў многія народы; мноствам багацьця твайго і тваім гандлем узбагачаў цароў зямлі. А калі ты разьбіты морамі ў бездані водаў, твае тавары і ўсё, што ў табе тлумілася, упала. Усе насельнікі астравоў жахнуліся па табе і цары іхнія здрыгануліся, зьмяніліся ў твары. Гандляры іншых народаў сьвіснулі па табе; ты зрабіўся жахам, - і ня будзе цябе вавекі».