МАЦЬВЕЯ. 21. І калі наблізіліся да Ерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў, сказаўшы ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і маладога асла зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне. І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу пашле іх. А ўсё гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць: «скажэце дачцэ Сыёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асьліцы і маладым асьле, сыне пад'ярэмнай». Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус, прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе. Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэў і пасьцілалі на дарозе; а люд, які ішоў сьпераду і сьледам, усклікаў: асанна Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Асанна ў вышынях! І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, увесь горад узрушыўся і пыталіся і казалі: хто гэта? А люд казаў: Гэта Ісус, Прарок з Назарэта Галілейскага. І ўвайшоў Ісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мяняйлаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў, і сказаў ім: напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца»; а вы зрабілі зь яго логава разбойнікаў. І прыступілі да Яго ў храме сьляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх. А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: «асанна Сыну Давідаваму», абурыліся. І сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Ісус кажа ім: так! хіба вы ніколі ня чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?». І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч. А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есьці. І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісьця, кажа ёй: хай ня будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца. Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца? А Ісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, ня толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: «падыміся і кінься ў мора», - будзе; і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце. І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу? Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. Хрышчэньне Янава адкуль было: зь нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «зь нябёсаў», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?», а калі скажам: «ад людзей», - баімося народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю. А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёньня працуй у вінаградніку маім. Але ён сказаў у адказ: «не хачу», а пасьля, раскаяўшыся, пайшоў. І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар». І не пайшоў. Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Ісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусьніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасьля, каб паверыць яму. Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік: і мурам абгарадзіў яго, і выкапаў у ім чавільню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся. А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць плады свае. Вінаградары, схапіўшы слуг ягоных, каго набілі, каго забілі, а каго каменьнем пабілі. Зноў паслаў ён іншых слуг, больш чым раней; і зь імі ўчынілі тое самае. Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб'ем яго і завалодаем спадчынай ягонай: І схапіўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніка і забілі. І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць яму: ліхадзеяў гэтых аддасьць на лютую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час. Ісус кажа ім: няўжо вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»? Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады ягоныя. І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць. І чуючы прытчы Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць; і памыкаліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.