МАРКА. 16. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца, і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй? І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі; але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага. І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе. Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі; будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып'юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя. І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога. А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.