ПАВОДЛЕ ЛУКАША СЬВЯТОЕ ДАБРАВЕСЬЦЕ. 1. Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі, як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, - дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле, каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены. У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае ілізабэта. Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна. У іх ня было дзяцей, бо ілізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку. Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам, па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць, а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, - тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага, і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго. Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая ілізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян; і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца; бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй; і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга; і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны. І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку. Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта; і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час. Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме. А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы. А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой. Пасьля гэтых дзён зачала ілізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала: так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей. А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын. А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне. І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога; і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус; Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца. А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым; вось, і ілізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц; бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова. Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл. І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў, і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала ілізабэту. Калі ілізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым, і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго! І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім. І дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада. І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім, што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды, бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае, і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго; зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго; скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых; галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым; прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць; як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку. А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой. А ілізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю. На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам. На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам. І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем. І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго. Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся. І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога. І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай. Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім. І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы: Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму, і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго, як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх, што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых; учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю, прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам, каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых, мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага. А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада - падрыхтаваць шляхі Яму, каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх, праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні, прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру. А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.