ЛУКАША. 21. І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку; убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты, і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала; бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела. І калі некаторыя гаварылі пра храм, што ён упрыгожаны дарагімі камянямі і дарамі, Ён сказаў: прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені; усё будзе разбурана. І спыталіся ў Яго: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якая прыкмета, калі адбыцца павінна? Ён сказаў: сьцеражэцеся, каб вас не ўвялі ў аблуду; бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізкі. Не хадзеце сьледам за імі. А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся: бо гэта павінна быць раней; але не адразу канец. Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства; будуць вялікія землятрусы месцамі, і голад і пошасьці, і вусьцішныя зьявішчы і вялікія азанакі зь неба. Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё, а будзе гэта вам на сьведчаньне. Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць; бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам. Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб'юць; і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя. Калі ж убачыце Ерусалім, абложаны войскам, тады ведайце, што наблізіўся заняпад яго: тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; і хто ў горадзе, выходзь зь яго; і хто ў навакольлі, не ўваходзь у яго, бо гэта дні помсты, хай збудзецца ўсё напісанае. Ды гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая будзе нягода на зямлі і гнеў на народ гэты: і палягуць ад вострага меча, і павядуцца ў палон ва ўсе народы; і Ерусалім будзе таптаны язычнікамі, дакуль ня скончацца часы язычнікаў. І будуць азнакі ў сонцы і ў месяцы і ў зорках, а на зямлі заняпад духу народаў і недаўмёнасьць; і мора зашуміць і забушуе; людзі будуць здыхаць ад страху і чаканьня нягодаў, што пойдуць на сьвет, бо сілы нябесныя пахіснуцца. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле і славе вялікай. А калі пачне гэта збывацца, тады схілцеся і падымеце галовы вашыя, бо набліжацьмецца збавеньне вашае. І сказаў ім прытчу: паглядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы: калі яны ўжо распускаюцца, дык, бачачы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета. Так, і калі вы ўбачыце, што тое збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як ўсё тое будзе: неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць. Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п'янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку: бо ён, як сетка, накрые ўсіх, хто жыве па ўсім улоньні зямным; дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым. Удзень Ён вучыў у храме; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай. І ўвесь люд з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.