ЛУКАША. 24. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя; але знайшлі камень адвалены ад магілы, і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць. І ўзгадалі яны словы Ягоныя і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім. То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам. І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася. У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае Эмаус. і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі. І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі; але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго. І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя? Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі? І сказаў ім: штоо Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам; як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго; а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэйці дзень сёньня, як гэта сталася; але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы; і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі. Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі! Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю? І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні. І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей; але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі. І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім, тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім. І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне? І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі, якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону. І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба. Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам. Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа; але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне. І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа? Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду. І ўзяўшы, еў перад імі. І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень, і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма; а вы сьведкі гэтага; і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары. І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба. Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю, і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.