ЯНА. 12. За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых. Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ўзьляжаў зь Ім. А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра. Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў: Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім? А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі. А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго; убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне - не заўсёды. Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых. А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара, бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса. На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім, узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў! А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана: «ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці». Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму. Людзі, якія былі зь ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых; таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд. А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім. Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны; яны падыйшлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса. Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу. А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму: Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду. Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае. Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой. Душа Мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну Я і прыйшоў; Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю. А люд, што стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. А другія казалі: анёл гаварыў Яму. Ісус на гэта сказаў: ня Мне быў голас гэты, а народу; сёньня суд сьвету гэтаму; сёньня князь сьвету гэтага выгнаны будзе прэч. І калі Я ўзьнесены буду над зямлёю, усіх прыхіну да Сябе. Гэта казаў Ён, даючы ўразумець, якою сьмерцю Ён памрэ. Народ адказваў Яму: мы чулі з закона, што Хрыстос жыве вечна; як жа Ты кажаш, што мае быць Сын Чалавечы ўзьнесены? хто Гэты Сын Чалавечы? Тады Ісус сказаў ім: яшчэ на кароткі час сьвятло будзе з вамі; хадзеце, пакуль ёсьць сьвятло, каб не абняла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе; пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і зьнік ад іх. Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго, хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя? Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая, «народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх». Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго. Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі; бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую. А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне; і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне. Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры. І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет. Хто Мяне адкідае і ня прымае словаў Маіх, мае судзьдзю сабе: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень; Бо Я гаварыў не ад Сябе; а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў мне наказ, што сказаць і што гаварыць. І ведаю Я, што наказ Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык вось, што я кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец.