ДЗЕІ. 18. Пасьля гэтага Павал, пакінуўшы Афіны, прыйшоў у Карынф; і, знайшоўшы нейкага Юдэя, якога звалі Акіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў зь Італіі, і Прыскілу, жонку ягоную, - бо Клаўдзій загадаў усім Юдэям пакінуць Рым, - пайшоў да іх, і, як што быў аднаго рамяства, застаўся ў іх і працаваў: бо рамяство ў іх было - рабіць намёты. А кожнай суботы ён прамаўляў у сынагозе і пераконваў Юдэяў і Элінаў. А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, дык Павал быў пануканы духам сьведчыць Юдэям, што Ісус ёсьць Хрыстос. А як што яны ўпарціліся і ліхасловілі, дык ён, абтросшы вопратку сваю, сказаў да іх: кроў ваша на галовах вашых; я чысты; сёньня іду да язычнікаў. І пайшоў адтуль, і прыйшоў да аднаго шанавальніка Бога, якога звалі Юст, дом якога быў каля сынагогі. А Крысп, начальнік сынагогі, увераваў у Госпада з усім домам сваім, і многія Карынфяне, слухаючы, уверавалі і ахрысьціліся. А Гасподзь у начной уяве сказаў Паўлу: ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай, бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; бо ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе. І ён заставаўся там год і шэсьць месяцаў, навучаючы іх слову Божаму. Тым часам, у часы праконсульства Галіёна ў Ахаі, напалі Юдэі аднадушна на Паўла і прывялі яго на судзілішча, кажучы, што ён вучыць людзей шанаваць Бога не па законе. Калі ж Павал хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў Юдэям: Юдэі! калі б якая-небудзь была крыўда, або ліхі намысел, дык я меў бы прычыну выслухаць вас; але калі ідзе спрэчка пра вучэньне і пра імёны і пра закон ваш, дык разьбірайцеся самі: я не хачу быць судзьдзёю ў гэтым. І прагнаў іх ад судзілішча. А ўсе Эліны, схапіўшы Сасьфена, начальніка сынагогі, білі яго перад судзілішчам; а Галіёна зусім не турбавала гэта. Павал, пабыўшы яшчэ колькі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сырыю, - і зь ім Акіла і Прыскіла, - абстрыгшы галаву ў Кенхрэях паводле зароку. Дабраўшыся да Эфэса, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сынагогу і гутарыў з Юдэямі. Калі ж яны прасілі яго пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся, а разьвітаўся зь імі, сказаўшы: мне трэба мусова правесьці блізкае сьвята ў Ерусаліме; а да вас я вярнуся зноў, калі будзе заўгодна Богу. І выправіўся з Эфэса; (Акіла ж і Прыскіла засталіся ў Эфэсе). Пабыўшы ў Кесарыі, ён прыйшоў у Ерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыахію. І забавіўшыся там нейкі час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну Галатыйскую і Фрыгію, мацуючы ўсіх вучняў. Адзін Юдэй, якога звалі Апалос, родам з Александрыі, муж красамоўны і абазнаны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эфэс. Ён быў настаўлены ў пачатках шляху Гасподняга і, палаючы духам, прамаўляў і вучыў пра Госпада слушна, знаючы толькі хрышчэньне Янавае. Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы яго, Акіла і Прыскіла прынялі яго і яшчэ ясьней прасьвятлілі яму шлях Гасподні. А калі ён намерыўся ісьці ў Ахаю, дык браты напісалі тамтэйшым вучням, каб прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат паспрыяў тым, хто ўвераваў, мілатою: бо ён цьвёрда выкрываў Юдэяў прылюдна, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.