1 КАРЫНФЯНАЎ. 10. Не хачу пакінуць вас, браты, і каб вы ня ведалі, што бацькі нашыя ўсе былі пад хмараю, і ўсе прайшлі праз мора; і ўсе хрысьціліся ў Майсея ў хмары і ў моры; і ўсе елі адну і тую самую духоўную страву; і ўсе пілі адно і тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнай скалы, якая ішла сьледам за імі; а скала тая была Ісус Хрыстос. Але ня шмат каго ўпадабаў Бог; бо яны панішчаны былі ў пустыні. А гэта былі прыклады нам, каб мы не самахоціліся на ліхое, а самахоціліся яны. Ня будзьце таксама ідалапаклонцамі, як некаторыя зь іх, пра якіх напісана: «людзі селі есьці і піць, і ўсталі бавіцца». Ня будзем блудадзейнічаць, як некаторыя зь іх блудадзейнічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы. Ня будзем спакушаць Хрыста, як некаторыя зь іх спакушалі і загінулі ад зьмеяў. Не наракайце, як некаторыя зь іх наракалі і загінулі ад зьнішчальніка. Усё гэта адбывалася зь імі, як вобразы; а апісана ў настаўленьне нам, што дасягнулі канца вякоў. А таму, хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб ня ўпасьці. Вас апанавала спакуса не якая, а чалавечая; і верны Бог, Які не дапусьціць, каб вас спакушалі звыш сілы, але пры спакушэньні дасьць і палёгку, каб вы маглі ператрываць. Таму, любасныя мае, унікайце служэньня ідалам. Я кажу вам як разважлівым; самі памяркуйце, пра што я кажу: Чара дабраславеньня, якую дабраслаўляем, ці ня ёсьць далучэньне Крыві Хрыстовай? хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць далучэньне Цела Хрыстовага? Адзін хлеб, і мы многія - адно цела; бо ўсе прычашчаемся адным хлебам. Паглядзеце на Ізраіля па плоці: тыя, што ядуць ахвярнае, ці ня супольнікі яны ахвярніка? Што я кажу? ці тое, што ідал ёсьць нешта? альбо ідалаахвярнае значыць што-небудзь? Не; але што язычнікі, калі прыносяць ахвяры, дык прыносяць дэманам, а ня Богу; але я не хачу, каб вы былі ў супольнасьці з дэманамі. Ня можаце піць чару Гасподнюю і чару дэманскую; ня можаце быць супольнікамі ў гасьціне Гасподняй і ў гасьціне дэманскай. Няўжо мы адважымся дражніць Госпада? Хіба мы мацнейшыя за Яго? Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, ды ня ўсё навучае. Хай ніхто ня шукае карысьці сабе, а кожны - другому. Усё, што прадаецца на торжышчы, ежце не перабіраючы, дзеля спакою сумленьня; бо Гасподняя зямля і ўсё, што на ёй. Калі хто зь няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, - дык усё, што вам прапануецца, ежце не перабіраючы дзеля спакою сумленьня. Але калі хто скажа вам: гэта ідалаахвярнае, - дык ня ежце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумленьня; бо Гасподняя зямля, і ўсё, што на ёй. Сумленьне ж разумею не сваё, а іншага; бо дзеля чаго маёй свабодзе быць суджанай чужым сумленьнем? Калі я з удзячнасьцю ем, дык навошта мяне дакараць за тое, за што я дзякую? Дык жа, ці ясьце, ці п'яце, ці (іншае) што робіце, усё рабеце на славу Божую. Не давайце панады ні Юдэям, ні Элінам, ні царкве Божай, так, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы не сабе карысьці, а многім, каб яны ўратаваліся.