1 КАРЫНФЯНАЎ. 16. А зьбіраючы для сьвятых, рабеце так, як я ўстанавіў у цэрквах Галятыйскіх; у першы дзень тыдня кожны з вас хай адкладвае ў сябе і ашчаджае, колькі дазваляе яму дастатак, каб не рабіць збораў, калі я прыйду. А як прыйду, дык, каго вы выбераце, тых пашлю зь пісьмамі, каб даставілі ваш дар у Ерусалім. А калі і мне прыстойна будзе выправіцца, дык яны са мною пойдуць. Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду цераз Македонію. А ў вас, можа стацца, пажыву, або і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду. Бо я не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходзь, а спадзяюся прабыць у вас колькі часу, калі Гасподзь дазволіць. А ў Эфэсе я прабуду да Пяцідзясятніцы, бо мне адчынены вялікія і шырокія дзьверы, і праціўнікаў многа. Калі ж прыйдзе да вас Цімафей, глядзеце, каб ён быў у вас убясьпечаны; бо ён чыніць справу Гасподнюю, як і я. Таму хай ніхто ім не пагардзіць, а праводзьце яго зь мірам, каб ён прыйшоў да мяне; бо я чакаю яго з братамі. А што да брата Апалоса, я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не хацеў ісьці сёньня, а прыйдзе, калі яму будзе спорна. Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужныя, цьвёрдыя; усё ў вас няхай будзе зь любоўю. Прашу вас, браты, вы ведаеце, сямейства Сьцяпанавае, што яно ёсьць пачатак Ахаіі, і што яны прысьвяцілі сябе служэньню сьвятым; будзьце ж і вы пачцівыя да такіх і да кожнага, хто пасабляе і працуе. Я рады прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка: яны бо адшкадавалі мне вашу адсутнасьць, бо яны мой і ваш дух супакоілі. Шануйце такіх. Вітаюць вас цэрквы Асійскія; вітаюць вас рупліва ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з хатняю іхняю царквою. Вітаюць вас, усе браты. Вітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем. Маё Паўлава вітаньне сваёю рукою. Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафэма; маранафа. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі, і любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амін.