2 КАРЫНФЯНАЎ. 2. І вось разважыў я сам сабе ня ісьці да вас зноў з засмучэньнем; бо калі я засмучаю вас, дык хто ж парадуе мяне, як ня той, хто засмучаны мною? Гэта самае і пісаў я вам, каб, прыйшоўшы, ня мець засмучэньня ад тых, за каго мне сьлед было радавацца; бо я за ўсіх вас пэўны, што мая радасьць ёсьць радасьць і ўсім вам. Ад вялікае скрухі і прыгнечанага сэрца я пісаў вам зь вялікімі сьлязьмі не на тое, каб засмуціць вас, а каб вы спазналі любоў, якое я маю багата да вас! А калі хто засмуціў, дык не мяне засмуціў, а часткова - каб не сказаць многа - і ўсіх вас. Такому досыць і гэтае кары ад многіх, так што вам лепей ужо дараваць яму і пашкадаваць яго, каб не апанаваў яго надта вялікі смутак, і таму прашу вас не абысьці яго любоўю. На тое бо я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя. А каму вы ў чым даруеце, таму і я; бо і я, калі каму ў чым дараваў, дараваў дзеля вас у імя Хрыстовае, каб не зрабіў нам шкоды сатана; бо нам вядомы ягоныя намыслы. Прыйшоўшы ў Трааду для зьвеставаньня пра Хрыста, хоць мне і адчынены дзьверы былі Госпадам, я ня меў спакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта; а разьвітаўшыся зь імі, я пайшоў у Македонію. Але дзякаваць Богу, Які заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце і духмянасьць ведаў пра Сябе пашырае праз нас у кожнай мясьціне. Бо мы Хрыстовая духмянасьць Богу ў тых, што ратуюцца і што гінуць. Адным - водар сьмертаносны на сьмерць, а другім - водар жыўнасны на жыцьцё! І хто здольны на гэта? Мы не прадаём слова Божага, як многія, а прапаведуем шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысьце.