1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ. 5. А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты, бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы. Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць. Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей; бо ўсе вы - сыны сьвятла і сыны дня: мы - ня сыны ночы, ні цемры. Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца. Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы. Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне, таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам зь Ім. Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце. Просім жа вас, браты, паважаць тых, якія працуюць у вас, і якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і якія на розум вас настаўляюць, і шанаваць іх пераважна зь любоўю за справу іхнюю; будзьце ў згодзе паміж сабою. Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі. Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім. Заўсёды радуйцеся. Бесьперастанку малецеся. За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце. Духа не гасеце. Прароцтваў не прыніжайце. Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся. Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе. Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста. Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта. Браты! малецеся за нас. Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым. Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.