ГАБРЭЯЎ. 5. Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі, каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу, і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі. І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон. Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»; як і ў іншым месцы кажа: «Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка». Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць; хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству; і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму, і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка. Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць. Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа. Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця; а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло.