ЯКАВА. 4. Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых? Хочаце - і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце - і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце - і ня маеце, бо ня просіце; Просіце - і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя. Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу. Альбо вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: «да зайздры любіць дух, які жыве ў нас»? Але тым большую дае мілату; таму і сказана: «Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату». Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д'яблу, і ўцячэ ад вас; да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя; смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць - у смутак. Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас. Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя. Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага? Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць; вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае. Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае, вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло. Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.