Пс 129
1 Песьня ўзыходжаньня.
З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе.
2 Госпадзе! пачуй голас мой. Хай будуць вушы Твае ўважлівыя да голасу маленьняў маіх.
3 Калі Ты, Госпадзе, будзеш заўважаць беззаконьні, - Госпадзе! хто ўстоіць?
4 Але ў Цябе дараваньне, хай багавеюць прад Табою.
5 Спадзяюся на Госпада, спадзяецца душа мая; на слова Ягонае спадзяюся.
6 Душа мая чакае Госпада, болей, чым варта - раніцы, болей, чым варта - раніцы.
7 Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада; бо ў Госпада літасьць і вялікае ў Яго збавеньне,
8 і Ён збавіць Ізраіля ад усіх беззаконьняў ягоных.