Адкр 5
1 І ўбачыў я ў правіцы ў Таго, Хто сядзіць на троне, кнігу, напісаную ўсярэдзіне і звонку, запячатаную на сем пячатак.
2 І ўбачыў я анёла магутнага, Які абвяшчаў гучным голасам: хто варты разгарнуць гэтую кнігу і зьняць пячаткі зь яе?
3 І ніхто ня мог, ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю, разгарнуць гэтую кнігу, ні зірнуць у яе.
4 І я моцна плакаў па тым, што не знайшлося вартага разгарнуць і чытаць гэтую кнігу, і нават зірнуць у яе.
5 І адзін старац сказаў мне: ня плач, вось, леў з калена Юдавага, корань Давідаў, перамог і можа разгарнуць гэтую кнігу і зьняць сем пячатак яе.
6 І я глянуў, і вось, пасярод трона і чатырох жывых істотаў і сярод старцаў стаяла Ягня нібы заколатае, і мела сем рагоў і сем вачэй, якія ёсьць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
7 І Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы Таго, Хто сядзеў на троне.
8 І калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старцы ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гусьлі і залатыя чары, поўныя фіміяму, якія ёсьць малітвы сьвятых;
9 і сьпяваюць новую песьню, кажучы: Ты варты ўзяць кнігу і зьняць зь яе пячаткі; бо Ты быў заколаты, і Крывёю Сваёю Ты адкупіў нас Богу з кожнага калена і роду, і народу і племені,
10 і зрабіў нас царамі і сьвятарамі Богу нашаму; і мы будзем валадарыць на зямлі!
11 І бачыў я, і чуў голас многіх анёлаў вакол трона і жывых істотаў, і старцаў, і лікам іх было процьма цьмы і тысячы тысячаў,
12 якія гаварылі гучным голасам: вартае Ягня заколатае прыняць сілу і багацьце, і мудрасьць і моц, і гонар і славу і дабраславеньне!
13 І кожнае стварэньне, якое ёсьць на небе і на зямлі, і пад зямлёю і на моры, і ўсё, што ў іх, чуў я, казала: Таму, Хто сядзіць на троне, і Ягняці дабраславеньне і гонар, і слава і сіла на векі вечныя!
14 І чатыры жывыя істоты казалі: амін! І дваццаць чатыры старцы пакланіліся Таму, Хто жыве ва векі вечныя.